16 марта 2010, вторник
Журнал для тех, кто думает по-европейски

Публикации

21:02 | 05.02.10

Учора і заўтра беларускага самакіравання

Панэльная дыскусія

Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, якая дасюль не ратыфікавала Еўрапейскую хартыю мясцовага самакіравання*. Нягледзячы на гэта, ужо два дзесяткі гадоў пасля развалу СССР беларускія эксперты, як і іхныя калегі з Украіны, Расіі ды Літвы, працуюць над пытаннем адраджэння і ўзмацнення мясцовых супольнасцяў.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мясцовае развіццё на постсавецкай прасторы: досвед даследаванняў і праблемы кіравання”, якая адбылася 1-2 лютага ў канферэнц-зале гатэлю "Crowne Plaza", дала магчымасць тэарэтыкам і практыкам з былога Саюзу сустрэцца і абмяняцца вынікамі сваёй працы. Арганізатарам форуму стала грамадскае аб’яднанне “Цэнтр сацыяльных інавацыяў” у супрацы з часопісам “Палітычная сфера”.

Прывітанне з Саветаў

Пасля атрымання незалежнасці кожная з рэспублікаў абрала сваю стратэгію па рэфармаванні сістэмы мясцовага самакіравання, развіцці гарадоў і вёсак. Адныя радыкальна адмаўляліся ад савецкіх нормаў на карысць агульнаеўрапейскіх, іншыя імкнуліся гэтыя нормы захаваць і развіць.

Падчас канферэнцыі высветлілася, што, нягледзячы на абраную мадэль, у агульную спадчыну ад савецкага часу і краінам СНД, і тым, якія ўвайшлі ў Еўразвяз, засталіся спецыфічныя фактары, што сёння негатыўна ўплываюць на развіццё мясцовага самакіравання і так званай нізавой дэмакратыі.

Адным з такіх рэліктаў у Літве (а таксама ў большасці краінаў СНД) застаецца канцэнтрацыя пераважнай колькасці адміністратыўных установаў у буйных гарадах. “Таму натуральна, што тэрытарыяльныя грамадствы - самакіраванне не развіваецца, а жыхары сутыкаюцца з незручнасцямі ў звязку з атрыманнем паслугаў самакіравання”, - абураўся дацэнт літоўскага універсітэту імя Мікаласа Ромерыса С. Нефас.

Аднак не ўсе з захаваных савецкіх асаблівасцяў дрэнныя. Гэтак, падчас размовы пра негатыўныя моманты манаполіі беларускай дзяржавы на камунальную маёмасць, украінскі эксперт, кандыдат эканамічных навук Таццяна Нясторанка прывяла адваротны прыклад з Бярдзянску, калі ў выніку таго, што камунальную маёмасць гарадскія ўлады цалкам аддалі мясцовай фірме, цэлы горад практычна пазбавіўся магчымасці піць нармальную ваду.

- Нашыя мясцовыя органы ўлады маюць болей паўнамоцтваў, магчымасць распараджацца камунальнаю маёмасцю, таму ў іх болей крыніцаў для папаўнення прыбытковай часткі бюджэту і яны больш незалежныя ад цэнтральных органаў улады, чым у Беларусі. Аднак, як бачым, у гэтым ёсць як плюсы, так і мінусы, - выказалася спадарыня Нясторанка за разумны падыход да права на самакіраванне.

Усяго на канферэнцыі прагучалі болей як 20 дакладаў шырокага тэматычнага дыяпазону. Эксперты абмяркоўвалі акалічнасці развіцця турыстычнага бізнесу, экалагічнага выкарыстання рэсурсаў, чалавечы фактар малых гарадоў і раёнаў, разбіралі па складніках ужо рэалізаваныя праекты ды іх вынікі.

Ці магчымае самакіраванне ў Беларусі?

Падагульніла канферэнцыю панельная дыскусія, якая яшчэ раз акрэсліла праблемы развіцця мясцовага самакіравання: цэнтралізацыя ўлады і ўладных структураў, базаванне мясцовых ініцыятываў у асноўным на грантах, нерэнтабельнасць шмат якіх праектаў, слабая кансалідацыя грамадства, недастатковая кампетэнтнасць актывістаў і г. д.

Як зазначыў кіраўнік рэгіянальнага Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, беларуская сітуацыя ўскладняецца тым, што ў краіне дагэтуль юрыдычна не замацаваныя паняткі “мясцовая супольнасць” і “абшчына”. Мясцовыя Саветы дэпутатаў па-сутнасці не маюць паўнамоцтваў і нават асабістага грашовага рахунку, а ёсць усяго толькі прадстаўнічымі органамі дзяржавы. Выклікае шмат пытанняў і падпісаны ў студзені закон “Аб мясцовым кіраванні ды самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Кансультант адміністрацыі Архангельскага краю па мясцовым развіцці Глеб Цюрын заўважыў, што экспертная супольнасць Беларусі існуе адасоблена ад адміністрацыйнай сістэмы і насельніцтва: “Гэта азначае, што большая частка інтэлектуальнага прадукту вырабляецца для ўнутранага спажывання. Трэба ўсталёўваць кантакты з найлепшымі прадстаўнікамі мясцовых элітаў, аднак гэтага жадання ў беларускіх інтэлектуалаў я не ўбачыў”.

Нягледзячы на тое, што мясцовых супольнасцяў ні ў Расіі, ні ў Беларусі, па сутнасці, няма, сітуацыя для таго, каб пачалася сістэмная праца па іх стварэнні, саспела, упэўнены эксперт. І калі адным з вынікаў канферэнцыі будзе стварэнне новага фармату адносінаў па праектах развіцця, то ў расійска-еўрапейскім кантэксце Беларусь зойме цэнтральнае месца.

Глеб Цюрын заклікаў беларусаў “не ныць і не разумнічаць”, а пачаць супольныя праекты проста цяпер, з улікам досведу Расіі. На што кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў Уладзімір Мацкевіч запратэставаў: “Не будзем мы вучыцца ў Расіі і ўкараняць “перадавы” расійскі досвед - усю гэтую блытаніну з муніцыпалітэтамі, іх банкруцтвам і перадзелам уласнасці! (...) Сем разоў глабальна падумай, адзін раз лакальна зрабі”, - такі дэвіз прапанаваў беларускім актывістам Мацкевіч.

Былі і тыя, хто ўвогуле сумняваўся ў магчымасці паўнавартаснага самакіравання на сённяшні дзень. Як зазначыў доктар гістарычных навук Захар Шыбека, кантроль над грамадствам дзяржава захапіла яшчэ ў эпоху індустрыялізацыі і не збіраецца яго губляць: “У Расійскай імперыі дзяржава знішчала суб’екты самакіравання. У цяперашняй Еўропе заціскае ім рот дабрабытам”.

Усё толькі пачынаецца

Беларусам варта не бяздумна пераймаць замежны досвед, а падыходзіць да розных мадэляў самакіравання з улікам уласнай гісторыі і палітычнай сістэмы, мяркуе адзін з арганізатараў форуму, старшыня Цэнтру сацыяльных інавацыяў Леанід Каліценя. “Мы яшчэ нават не ў сярэдзіне шляху да мясцовага самакіравання, мы ў першай яго траціне. Каб разбурыць супольнасць, Савецкай уладзе спатрэбілася некалькі дзесяткаў гадоў. Але ламаць - не будаваць. А нам трэба ствараць”, - падкрэслівае ён.

Вынікі і тэзісы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Мясцовае развіццё на постсавецкай прасторы: досвед даследаванняў і праблемы кіравання” будуць змешчаныя на сайтах methodology.by і eurobelarus.info.

“Хочацца, каб працягам міжнароднага форуму стала публічнае абмеркаванне таго, што павінна быць наступным крокам: канферэнцыя, серыя канферэнцыяў, выданне кнігаў або нешта іншае?” - спадзяецца на рэакцыю супольнасці Леанід Каліценя.

-----

* Еўрапейская хартыя мясцовага самакіравання (1988 г.) - найбольш важны шматбаковы дакумент у сваёй галіне, прыняты Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы. Вызначае фундаментальныя прынцыпы функцыянавання органаў мясцовага самакіравання.

Даведка:

“Мясцовае самакіраванне - форма арганізацыі і дзейнасці насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі (далей, калі не пазначана іншае, - грамадзяне), для самастойнага рашэння непасрэдна або праз выбраныя імі органы сацыяльных, эканамічных і палітычных пытанняў мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзянаў, асаблівасцяў развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на аснове ўласнай матэрыяльна-фінансавай базы і прыцягнутых сродкаў” (Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”).

Дакументы і праекты ў сферы беларускага мясцовага самакіравання:

* Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: замацоўвае асновы прававога становішча органаў мясцовага самакіравання.
* Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года (НСУР-2020): у адпаведнасці з ёй рэалізуецца праект мясцовых ініцыятываў “Мясцовы парадак дня 21”.
* З 2009 года дзейнічае праект ЕЗ/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Мэта - развіццё патэнцыялу па падрыхтоўцы і рэалізацыі “Мясцовага парадку дня 21”. За год для ўдзелу ў праекце было пададзена 60 заявак.
* 4 студзеня 2010 года прыняты Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, які набудзе моц 14 ліпеня 2010 года.

Комментарии

Отправить комментарий

Содержание этого поля является приватным и не предназначено к показу.
Что можно вводить?
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Allowed HTML tags: <a> <em> <strong> <cite> <code> <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd> <img> <table> <tr> <td>
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Защита от спама
1 + 1 =
Решите эту задачу и впишите ответ.

Реклама

Новости от redtram

Еженедельная рассылка

Электронная почта:


Как выглядит рассылка?

Проекты

Новая Европа. Журнал.
Журнал Серия "Новая Эўропа"


Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат
Office for a Democratic Belarus
Я - европеец
Podzemka Art Gallery, Minsk, Belarus

Архив

марта 2010
пн.вт.ср.чт.пт.сб.вс.
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
© 2006-2008 Новая Эўропа
Все права защищены